Беларускі тэатр «Лялька»

Беларускі тэатр „Лялька“ — тэатр лялек у Віцебску. Заснаваны ў 1990 годзе. Знаходзіцца на вуліцы Пушкіна, 2.
Гісторыя тэатра
Беларускі тэатр „Лялька“ быў створаны ў 1985 годзе як лялечная трупа пры драматычным тэатры імя Якуба Коласа( руск.).
Першы спектакль („Дзед і Жораў“ па п’есе В.Вольскага) быў адыграны 20 красавіка 1986 г. Гэты дзень традыцыйна святкуецца як Дзень нараджэння Беларускага тэатра „Лялька“.
З 1989 года ў тэатры працуюць мастакі Аляксандр Сідараў (галоўны мастак) і Ганна Сідарава (мастак-пастаноўшчык).
У 1990 годзе лялечны калектыў, маючы пастаянны рэпертуар, вылучыўся ў асобны тэатр з будынкам у цэнтры горада.
У 2000 годзе калектыву тэатра „Лялька“ прысвоена званне „Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь“.
Калектыў Беларускага тэатра „Лялька“ вядомы ў Беларусі і за яе межамі, на яго рахунку пяць Гран-пры, прызы за лепшыя спектаклі і ролі, дыпломы міжнародных фестываляў.
Гісторыя будынка
Беларускі тэатр „Лялька“ знаходзіцца ў горадзе Віцебску. Тэатр размешчаны ў доме па вуліцы Пушкіна, 2.
Гэты будынак створаны як прыватны жылы дом сядзібнага тыпу ў стылі класіцызму і знаходзіцца пад аховай дзяржавы як помнік гісторыі і культуры горада канца XIX - пачатку ХХ ст.ст.
Будынак у пачатку ХХ стагоддзя планавалася выкарыстоўваць для Камерцыйнага вучылішча. Аднак пачалася Першая сусветная вайна і ў ім змясцілі шпіталь для параненых.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў будынку знаходзіўся Савет рабочых і дэпутатаў і адбылася першая ў Віцебску канферэнцыя бальшавікоў.
Пазней тут дзейнічаў Габрэйскі педагагічны тэхнікум, пасля ліквідацыі якога ў 1937 годзе будынак перадалі Віцебскаму педінстытуту.
Пасля Вялікай Айчыннай вайны гэты будынак заняў гарадскі партыйны камітэт.
Рэпертуар
Рэпертуар тэатра „Лялька“ складаюць 32 спектаклі па класічных і сучасных творах для дарослых і дзяцей розных узроставых груп.
Акрамя гэтых спектакляў у тэатры праходзіць батлеечнае прадстаўленне, створанае на аснове класічнага сюжэта пра Ісуса Хрыста і Цара Ірада.
Спектаклі тэатра „Лялька“ ідуць выключна на беларускай мове.
Усе пастаноўкі калектыву падпарадкоўваюцца асноўнаму накірунку, які вызначаецца як тэатр-свята.
Дарослай аўдыторыі адрасавана 7 пастановак:
- „Загубленая душа, або Пакаранне грэшніка“
- „Ладдзя Роспачы“
- „Жураўлінае пяро“
- „Дэкамерон“
- „Нататкі вар’ята“
- „Дзядзька Ваня і сястры тры“
- „Скрыпка дрыгвы й верасовых пустэчаў“
Спектаклі для дзяцей:
- „Хлопчык-Зорка“
- „Чароўная зброя Кэндзо“
- „Яшчэ раз пра Чырвоную шапачку“
- „Асцярожна, Соня!“
- „Брэменскія музыкі“
- „Церам-церамок“
- „Прынцэса і Свінапас“
- „Жыў-быў Заяц“
- „Тук-тук! Хто там?“
- „Бука“
- „Дзед і Жораў“
- „Воўк і раз, два, тры“
- „Ямелева шчасце“
- „Аладзін“
- „Сонейка і снежныя чалавечкі“
- „Кветачка-вясёлка“
- „Сунічкі для Веліканачкі“
- „Марозка“
- „Чорная курыца, або Падземныя жыхары“
- „Хлопчык і Цень“
- „Піліпка і Ведзьма“
- „Дапытлівы Слонік“
- „Адважныя браты“
- „Касмічная казка“
- „Папялушка“
Экспазіцыя
У фае тэатра знаходзіцца музей лялек і элементаў сцэнаграфіі са спектакляў. Дадзеная экспазіцыя зменная, яна папаўняецца з архіва тэатра.
На ёй прадстаўлены разнастайныя сістэмы лялек: марыянеткі, планшэтныя, пальчаткавыя, трысцянёвыя лялькі.
У экспазіцыі музея знаходзіцца таксама механічны тэатр і батлейка, створаныя мастаком Аляксандрам Сідаравым.
Батлейка была зроблена ў 1996 годзе па ўзору аўтэнтычнай магілёўскай батлейкі XVIII стагоддзя.
Кіраўніцтва
Мастацкі кіраўнік тэатра – Заслужаны дзеяч мастацтваў РБ Віктар Клімчук.
Дырэктар тэатра – Аляксандр Грыгор’еў.
Трупа тэатра
Артысты, якія працуюць у тэатры:
- Вольга Корзун
- Алесь Маханькоў
- Юрась Франкоў
- Ніна Шабанава
- Ларыса Мартынава
- Алег Рыхтэр
- Ганна Сцепанец
- Вольга Маханькова
- Аляксей Макарскі
- Вольга Лазебная
- Наталля Гайдук
- Яўген Гусеў
- Міхась Клімчук
- Валерый Зімніцкі
- Сяргей Толкач
- Марына Марозава
Артысты, якія раней працавалі ў тэатры:
- Уладзімір Бублякоў
- Алена Жураўлёва
- Святлана Лунёва
- Алена Мажэйка
- Ірына Нікалаева
- Таццяна Аттарава
- Юрась Сяменчанка
- Аляксей Глот
- Вячаслаў Зенчык
- Вікторыя Кірык
- Алесь Аўсяннікаў
- Юрась Шынелька
Крыніцы
- Памяць: Гіст.-дакументальная хроніка Віцебска. У 2-х кн. Кн. 2-я / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2003. — 680 с.: іл. — 5000 экз. — ISBN 985-11-0257-1
- Котович, Т.В. Белорусский театр «Лялька»: монография / Т.В. Котович. – Витебск: УО «ВГУ им. П.М. Машерова», 2012. – 110 с.
